Што адбываецца ў харавым жанры?
Мы можам ганарыцца тым, што беларускія хары нязменна становяцца лаўрэатамі самых складаных замежных конкурсаў (а там патрабуюцца адметная спеўная тэхніка, валоданне рознымі гістарычнымі стылямі, высокі мастацкі ўзровень выканальніцтва). Айчынныя калектывы запатрабаваныя на прэстыжных харавых фестывалях, дзе годна прадстаўляюць нашу краіну. На першы погляд здаецца, што ўсё ідзе як мае быць.
Але найбольш прагрэсіўныя дырыжоры і харавыя педагогі занепакоены паступовым працэсам разбурэння харавой культуры. І ён, на вялікі жаль, незваротны. Па сутнасці, ужо ў постсавецкі час перастала існаваць сістэма, плён якой мы яшчэ бачылі тады, калі айчынныя харавыя калектывы пасля падзення «жалезнай заслоны» прадстаўлялі нашу краіну за мяжой на надзвычай высокім узроўні.
Спынена дзяржаўная падтрымка самадзейнага харавога выканальніцтва, перастала існаваць сістэма харавых школ, скарочаны ўрокі музыкі і спеваў у агульнаадукацыйнай школе. Без асновы піраміда, вяршыняй якой з’яўляецца харавы прафесіяналізм, сёння знаходзіцца на мяжы разбурэння. У такой няпростай сітуацыі дырыжоры хору, энтузіясты справы, імкнуцца прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем харавой культуры.
У Мінску прайшоў II Рэспубліканскі семінар-практыкум па харавых спевах. Яго ладзіла Беларуская акадэмія музыкі пры спрыянні Беларускага саюза музычных дзеячаў, ініцыятарам выступіла вядомы харавы дырыжор Тамара Слабодчыкава. У якасці кіраўніка семінара быў запрошаны прафесар Уладзімір Семянюк, дырыжор і хормайстар знакамітага Маскоўскага камернага хору, асоба, цесна звязаная з харавой педагогікай. На працягу амаль 40 гадоў ён — мастацкі кіраўнік акадэмічнага хору славутай «Гнесінкі».
З нагоды правядзення семінара былі створаны тры зборныя хары, па 100 чалавек у кожным, якія працавалі над рознымі праграмамі. Сярод выканаўцаў — прадстаўнікі акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі, студэнцкага хору БДАМ, камернага хору «Salutaris» пры Беларускім саюзе музычных дзеячаў, хароў навучэнцаў Мінскага музычнага вучылішча імя Глінкі, Дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка, хароў «Brevis» Мінскага каледжа мастацтваў і «Gaudeamus» Беларускага педагагічнага ўніверсітэта.
Пытанні сучаснага стану і перспектыў развіцця харавой практыкі абмяркоўвалі цягам дыскусіі арганізатары і ўдзельнікі семінара-практыкума. Сярод іх — дырыжор і хормайстар Маскоўскага камернага хору Уладзімір Семянюк, дырыжоры Тамара Слабодчыкава і Аляксей Снітко.
Першае пытанне пра сучасны стан харавой справы. Як вы ацэньваеце ўзровень нашай спеўнай культуры?
Уладзімір Семянюк: Галоўнае — вызначыць крытэрыі ацэнак. Харавы калектыў — люстэрка свайго кіраўніка. Як кіраўнік выхаваны, як ён чуе, інтануе, так і спявае хор. І тут маем справу з праблемай музычнасці. Часам стройнае, суладнае, «эталоннае» гучанне хору — мяжа намаганняў дырыжора, а насамрэч — толькі базіс выканальніцтва. (Мы ж не ацэньваем піяніста па інструменце, на якім ён іграе!) Такім чынам, у нашым жанры існуе стыль «наладчыка інструмента», а не музыканта. Уменне выконваць розныя сачыненні ў адпаведным стылі (гук, вакалізацыя) з’яўляецца крытэрыем узроўню калектыву і выканальніцкай культуры ўвогуле.
Тамара Слабодчыкава: Лічу, узровень харавога выканальніцтва ў краіне цяпер сярэдні. На жаль, утварылася свайго роду «местачковая» традыцыя спеваў, якая не адпавядае ўсходнеславянскай адметнасці. Асабліва турбуе праблема знікнення з афішы хароў класічнага акапэльнага рэпертуару, а ён павінен быць асновай, ядром харавой выканальніцкай культуры.
Аляксей Снітко: Патэнцыял харавога мастацтва рэспублікі не выкарыстоўваецца поўна: таленавітыя хормайстры, артысты хору досыць часта мяняюць поле дзейнасці і нават прафесію, каб забяспечыць сабе годнае існаванне. У нас практычна не функцыянуе сістэма адраснай падтрымкі перспектыўных калектываў і хормайстраў, а таксама цікавых праектаў, звязаных з харавым мастацтвам: фестываляў, святаў песні.
Выканальніцкі ўзровень калектыву залежыць ад прафесіяналізму і таленту дырыжора, таму ўзнікае пытанне якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў. Уладзімір Ануфрыевіч, што можа палепшыць дырыжорска-харавую адукацыю? Якія тут існуюць праблемы і перспектывы развіцця?
У.С.: Праблемы можна вырашыць, калі не будзе «ўраўнілаўкі», калі возьме верх індывідуальны падыход да выхавання дырыжора. Па таленце і схільнасцях усе студэнты адметныя. Трэба зыходзіць са здольнасцей студэнта і размяркоўваць яго ў клас пэўнага педагога, улічваючы кірунак і стыль працы выкладчыка. Трэба даваць магчымасць атрымаць тую ці іншую спецыялізацыю і ў адпаведнасці з ёй паглыблена вывучыць неабходныя групы дысцыплін. Але, на мой погляд, самае важнае ў харавой педагогіцы — існаванне школы.
Т.С.: Праграмы каледжаў і вучэльняў перапоўнены прадметамі, не звязанымі з музыкай. Агульнаадукацыйны цыкл пашыраецца і ўдасканальваецца. Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: студэнту музычнай навучальнай установы няма калі займацца ўласна музыкай!
А.С.: Вельмі важная магчымасць знаёмства з досведам калектываў і хормайстраў сусветнага ўзроўню. Значэнне рэспубліканскіх семінараў-практыкумаў пад кіраўніцтвам выдатных расійскіх хормайстраў Уладзіміра Мініна і Уладзіміра Семенюка цяжка пераацаніць. Знакамітыя дырыжоры змаглі падзяліцца вопытам з маладымі кіраўнікамі хароў, выкладчыкамі, будучымі хормайстрамі.
У 1990-я гады харавое мастацтва перажывала нечуваны ўздым, звязаны з вяртаннем традыцыі выканання літургічных сачыненняў, якая на пачатку ХХ стагоддзя была выцеснена з культурнай прасторы. Мы ўсе памятаем гэты перыяд харавога энтузіязму і асэнсавання сачыненняў, што ў савецкую эпоху былі забаронены. А што цяпер моднае і на чым варта сканцэнтраваць увагу, каб, як кажуць, ісці ў нагу з часам?
Т.С.: Лічу, што будучыня за класікай. Гэта свайго роду ствол дрэва, на якім усё астатняе — галінкі. Многія сучасныя сачыненні вабяць слых, я не супраць таго, каб яны з’яўляліся ў рэпертуары. Але татальнае захапленне навацыямі бесперспектыўнае: часцяком там няма глыбіні. Вось, напрыклад, узяць новыя павевы ў выкананні народных твораў. Беларуская і руская народная песня ў апрацоўцы некаторых сучасных кампазітараў набыла «амерыканізмы», не ўласцівыя ёй сінкопы. Такога кшталту імкненне да навізны не мае стваральнага пачатку. Так мастацтва можа страціць выхаваўчую функцыю і стане толькі забаўкай.
У.С.: Мода заўсёды была, ёсць і сёння. Напрыклад, у Маскве назіраецца татальнае захапленне так званым харавым тэатрам. Але яно набывае не надта зразумелыя формы. Так, я бачыў, як спявалі народную песню «Венули ветры» і імітавалі… рухі весляроў. Гэтак жа было і з модай на духоўную музыку, ажно пакуль не здаволіліся такім кірункам. Існавала мода на аўтэнтычныя спевы. Усё ж будучыня за тымі, хто здолее вызначыць і зразумець мастацкі пачатак у творах. Таму класічны рэпертуар — дзякуючы бясконцасці працэсу яго спасціжэння — будзе заўжды актуальны.
А.С.: Думаю, варта абапірацца на прафесійную харавую музыку перыядаў, калі яна дасягала найвышэйшага росквіту: ад рэнесансу да рамантызму.
Мы з сумам адзначаем, што аматарскія харавыя спевы ў нашай краіне не развіваюцца. Што рабіць? Як прыцягнуць увагу да праблемы? Як аднавіць сувязь часоў?
У.С.: Па меншай меры дзіўна: чалавек-славянін не любіць спяваць?! Шкада, харавы арганізм можа застацца «абяскроўленым». Трэба прызнаць: не ўсё магчыма аднавіць. Харавое мастацтва мае велізарную прыцягальнасць. У цяжкія гады перабудовы, калі разбуралася звыклая іерархія каштоўнасцей, калі можна было б звар’яцець, займаючыся толькі праблемамі побыту, — ратавала паглыбленасць у прастору музыкі.
Т.С.: Харавое мастацтва выйшла з народнай культуры, бо жаданне чалавека спяваць — натуральная патрэба. Парадокс часу заключаецца ў тым, што народ не ўспрымае мастацтва, якое «спарадзіў»! Але ж гістарычны досвед Расіі і Заходняй Еўропы паказвае: праз харавы спеў можа ісці працэс асветы. Чалавеку не дасягнуць гарманічнага развіцця, калі ў яго атрафавана мускулатура душы. А спевы і ёсць самае дзейснае «практыкаванне». У сучасным раз’яднаным соцыуме харавое мастацтва выконвае і камунікатыўную функцыю, з’яўляючыся адным з найбольш даступных з эканамічнага пункту гледжання. Я працую з аматарскім хорам. Яго ўдзельнікі — людзі, якія пасля працоўнага дня з радасцю прыходзяць на рэпетыцыі. Для іх харавое выканальніцтва — духоўная патрэба. З другога боку, хор «Акадэмія» — унікальная з’ява, якая трымаецца на энтузіязме.
А можа, мае сэнс звярнуцца да гістарычнага вопыту іншых краін і стварыць Харавое таварыства?
У.С.: Усё вырашаюць асобы. У Расіі з’явіўся Аляксей Юрлоў з грандыёзнымі ідэямі, і харавое жыццё напоўнілася рухам. Але пасля адыходу маэстра ў іншы свет Расійскае харавое таварыства перастала іграць прызначаную ролю. І паступова знікла…
А.С.: На мой погляд, харавое таварыства павінна ахапіць усіх актывістаў гэтага жанру, уключаючы хормайстраў і артыстаў, педагогаў і мастацтвазнаўцаў. Яно можа стаць цэнтрам асветніцка-адукацыйнай, рэкламна-прапагандысцкай, конкурснай і фестывальна-канцэртнай харавой практыкі.
Галіна ЦМЫГ
Артыкул з часопісу “Мастацтва” (09’2011)