Наложение сайта

Рэальная асалода пад гукі «Каляднай фантазіі». Радыёблог Таццяны Якушавай


Першыя дні новага года – гэта звычайна час надзей, пажаданняў, спадзяванняў… Сёлета яны напоўнены асаблівым сэнсам, бо мінулы год больш непрыемна хваляваў, чым радаваў. Ён увайшоў у сучасную гісторыю як адзін з горшых. Таму часта даводзілася чуць, калі ж ён нарэшце скончыцца. І развітваліся мы з ім без жалю і шкадавання. Упэўнена, што многія вымаўлялі гэта нават як тост падчас навагодняй ночы.

І ўсё ж ён быў у нас! Нягледзячы на выпрабаванні, прынёс хвіліны радасці, любові, поспеху, напэўна, зрабіў нас больш мудрымі, цярплівымі. І ў кожнага ў душы засталося нешта асабліва добрае, што хочацца захаваць.

Для мяне фінал года быў асветлены некалькімі прыгожымі падзеямі. Адна з іх «Калядная фантазія» – святочная канцэртная праграма, што адбылася 30 снежня ў малой зале філармоніі. Мне выпаў гонар быць вядучай, апынуцца паміж музыкай і слухачамі, адпаведна наблізіцца да найбольш тонкіх вібрацый натхнення і творчасці. Імі было шчодра напоўнена выступленне маладога калектыву, харавога ансамбля сучаснай музыкі «Concertino» пад кіраўніцтвам Аляксея Снітко.

Харавы ансамбль Concertino (2019)

Калектыў створаны ў 2019 годзе на базе Беларускага саюза кампазітараў. Але ў яго ёсць свая перадгісторыя. Усё пачалося ў 2013-м, калі Аляксей Снітко ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя Глінкі арганізаваў аднайменны жаночы хор. За даволі кароткі тэрмін калектыў стаў лаўрэатам некалькіх міжнародных конкурсаў. Цяперашні ансамбль працягвае закладзеныя традыцыі. Адна з галоўных – выкананне беларускай музыкі, і прафесійных кампазітараў, і народнай. Невыпадкова менавіта з яе ансамбль «Concertino» пачаў сваё выступленне. Бо, як вядома, у народнай песні найбольш выразна ўвасоблены глыбінныя традыцыі, у тым ліку звязаныя са святкаваннем Божага Нараджэння і Калядаў. А таленавітыя апрацоўкі, у дадзеным выпадку Канстанціна Галкоўскага і Аляксандра Рашчынскага, толькі падкрэсліваюць іх эксклюзіўнасць і расквечваюць адмысловымі музычнымі колерамі. Тым больш, што «Concertino» пазіцыянуецца як ансамбль сучаснай музыкі. Таму арганічна, пераканаўча, па-маладзёжнаму свежа прагучаў і арыгінальны твор кампазітара Алены Атрашкевіч на словы Ганны Рубацкай «Ой ружанька, ружа», прасякнуты стылем і духам народнай спадчыны.

Жаночы хор Concertino МДМК імя М.Глінкі і Камерны аркестр БДАМ (дырыжор – Пётр Вандзілоўскі). 3 сакавіка 2018 г., БДАМ

Апрача таго, што праз увесь святочны вечар прайшла светлая калядная тэма, ён быў адметны некалькімі прэм’ерамі. У сваю чаргу яны сталіся сапраўдным святам і для аўтара, і для выканаўцаў, і для публікі.

Спецыяльна для харавога ансамбля сучаснай музыкі «Concertino» кампазітар Алена Атрашкевіч напісала твор «Авэ Марыя». Ідэя ўзнікла ў выніку творчага дыялогу з кіраўніком калектыву Аляксеем Снітко. Да духоўнай тэмы кампазітар звяртаецца неўпершыню, але ж «Авэ Марыя» – асаблівы выпадак. Бо цэлая плеяда вялікіх папярэднікаў розных эпох звярталася да знакамітай малітвы – Палестрына, Качыні, Гуно, Брукнер, Вердзі, Шуберт… І вось днямі гэтая ганаровая кампанія папоўнілася яшчэ адным імем, а ўзнёслая музычная калекцыя яшчэ адным творам. Ён стаў бясспрэчнай удачай і кампазітара, і выканаўцаў. Лепшае сведчанне таму – шквал апладысментаў у зале, які па ходзе канцэрта толькі ўзмацняўся.

Кульмінацыяй вечара стала сумеснае выступленне харавога ансамбля «Concertino» і калектыву з ўжо даволі сур’ёзнай гісторыяй – музычнай капэлы «Санорус». За 28 гадоў існавання яна назапасіла багаты рэпертуар з музыкі розных эпох і жанраў. Але важна, што калектыў на чале з галоўным дырыжорам Марынай Траццяковай і галоўным хормайстарам Вольгай Пятровай адкрыты для ўсяго новага – твораў, эксперыментаў, цікавых прафесійных кантактаў. Таму і склалася дружба з Аляксеем Снітко – чалавекам нястомным, яркім, актыўным. Ён кіруе некалькімі харавымі калектывамі, працуе на пасадзе дырэктара Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л.П.Александроўскай, займаецца навукова-асветніцкай дзейнасцю, многа робіць дзеля развіцця харавога мастацтва ў краіне, адкрыты для ўсяго новага, прагрэсіўнага, сучаснага. Гэта адчувалася і ў атмасферы ўсяго канцэрта, і ў выбары твораў. Апрача названых, гучала музыка Аляксандра Літвіноўскага, Карла Джэнкінса.

Музычная капэла Sonorus и Харавы ансамбль Concertino, дырыжор – Аляксей Снітко, 30 снежня 2020 г., БДФ

Прыемным сюпрызам канцэрта стала выступленне спецыяльных гасцей вечара – вакальнай групы «Камерата». Усё гэта арганічна пераплялося ў адзіную драматургічную канву, праляцела на адным дыханні і падрыхтавала годны фінал. Ім стала «Калядная фантазія» кампазітара Алены Атрашкевіч. У творы, які напісаны ў 2006 годзе, аб’яднаны мелодыі розных народаў. Упершыню ён прагучаў у выкананні хору хлопчыкаў Музычнага ліцэя пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Глушакова. Летась у межах праекта «Харавыя легенды» адбылося выкананне рэдакцыі для дзіцячага і жаночага хору. А для канцэрта 30 снежня кампазітар спецыяльна стварыла маштабную выканальніцкую версію для двайнога хору і аркестра. «Калядная фантазія», якая дала назву усяму канцэрту, сталася не толькі яркай кульмінацыяй праграмы, але і бліскучым, узнёслым і радасным гімнам святу!

Крыніца – 1 канал Беларускага радыё